БАРАДЗІ́НСКІ СКАРБ,

Бесарабскі скарб, рэчавы скарб, знойдзены ў 1912 каля г.п. Барадзіно (зараз Таруцінскі р-н Адэскай вобл.). Датуецца 16—15 ст. да нашай эры. Знаходзіўся ў глінянай пасудзіне, належаў военачальніку ці правадыру племя. Складаўся з 6 каменных баявых сякер (1 з нефрыту), 3 булдавешак для булавы з алебастру, 2 наканечнікаў коп’яў, утулкі ад наканечніка кап’я, сярэбраных кінжала і шпількі. Рэчы рознага паходжання: наканечнікі коп’яў аналагічныя знаходкам з сеймінска-турбінскіх могільнікаў у Прыўраллі, каменныя вырабы — знаходкам з Каўказа, шпілька і кінжал — з Цэнтр. Еўропы. Захоўваецца ў Гіст. музеі ў Маскве.

т. 2, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)